14 снежня 2023 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця гісторыка-мемарыяльнага музея «Сядзіба Нямцэвічаў» у в. Скокі (Брэсцкі р-н; 2013)
Сядзібна-паркавы ансамбль ХVІІІ ст. у в. Скокі Брэсцкага раёна – помнік архітэктуры барока і садова-паркавага мастацтва, адзін з нямногіх на Беларусі, што цудам захаваўся да нашага часу. Планіроўка ансамбля рэгулярная сіметрычна-восевая, у цэнтры знаходзіцца двухпавярховы панскі дом. Аднапавярховыя бакавыя флігелі і капліца-пахавальня не зберагліся. За домам – парк рэгулярнага тыпу з цэнтральнай і дзвюма бакавымі паралельнымі алеямі, якія выходзяць да ракі Лясная.
28 снежня 2020 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Андрэя Ціханавіча Чайкоўскага (1910–1980), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну
Андрэй Ціханавіч Чайкоўскі нарадзіўся 28 снежня 1910 г. у сяле Скарэдная Вялікая Ішымскага павета Табольскай губерні (цяпер Галышманаўскага раёна Цюменскай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька і два старэйшыя браты змагаліся за Савецкую ўладу на Грамадзянскай вайне, у 1921 г. былі расстраляны белагвардзейцамі. Андрэй Чайкоўскі з 1929 г. прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі калгасаў.
3 сакавiка 2013 г. – 95 гадоў з часу падпiсання Брэсцкага мiра (Брэст-Лiтоўск; 1918), мiрнага дагавора Савецкай Расii з Германiяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй
Брэсцкi (Брэст-Лiтоўскi) мiрны дагавор падпiсаны 3 сакавiка 1918 года прадстаўнiкамi Савецкай Расii з аднаго боку i прадстаўнiкамi краiн Чацвярнога саюза (Германii, Аўстра-Венгрыi, Балгарыi i Турцыi) – з другога. Ратыфiкаваны 4-м Надзвычайным Усерасiйскiм з’ездам Саветаў 15 сакавiка 1918 года i германскiм iмператарам Вiльгельмам II 26 сакавiка 1918 года.
6 лютага 2013 г. – 255 гадоў з дня нараджэння Юльяна Урсына Нямцэвiча (1758, Брэсцкi р-н – 1841), пiсьменнiка, гiсторыка, публiцыста, палiтычнага дзеяча Рэчы Паспалiтай, удзельнiка паўстанняў 1794, 1830–1831 гг.
Юльян Урсын Нямцэвiч нарадзiўся 16 лютага 1758 года ў маёнтку каля вёскi Скокi недалёка ад Брэст-Лiтоўска (цяпер Брэсцкi раён). Сын суддзi Марцэлiя Урсын Нямцэвiча i Ядзвiгi Нямцэвiч (Сухадольскай). Яны выхоўвалi 16 дзяцей, у тым лiку трох хлопчыкаў: Юльяна, Яна i Каэтана. Дзяцiнства Юльяна праходзiла ў фальварку Клейнiкi, дзе жыў яго дзед Аляксандр.